Гэтым разам наша сямейная рада вырашыла сустракаць новы год не, не дома, не, не ў гасцях, а ў старым і слаўным горадзе Львове.
Сказана-зроблена!
Па-першае, было вырашана пытанне жытла ў Львове. Нажаль, спахапіліся мы даволі позна, таму надта носам круціць не даводзілася. Але хостэл
Yellow House гасцінна прыняў нас у свае абдымкі ўвечары 30-га снежня. Амаль зразу прыгадалася "Всё зависит в доме оном от тебя от самого. Хочешь - можешь стать Буденным, хочешь - лошадью его." (с)В.С.Высоцкий. ))))
Беларусь праводзіла нас цудоўным світанкам, а Украіна вітала не менш дзівосным надвячоркам.
Што тычыцца дарогі, то з Менску мы выехалі недзе каля 9 гадзіны раніцы, на мяжы прастаялі гадзіны 2 з паловай дзякуючы украінскім памежнікам, а ўся дарога склала гадзін 10-11. Мяжу пераходзілі ў Макранах(бел)-Даманава(укр). А па Украіне ехалі праз Ковель, Луцк і Дубно. Можна было і пасля Луцку напрасткі да Львова ехаць, але маючы на ўвазе рэкамендацыі з розных інтэрнэт-крыніц, паехалі праз Дубно. Гэта крук кіламетраў 70, але лепей яго зрабіць, бо дарога там значна лепшая. Дарэчы, ў гэтым мы ўпэўніліся на зваротным шляху, калі вырашылі рызыкнуць, і паехаць з Львова адразу да Луцка. Гэта было памылкай, бо першая палова шляху там гэта не дарога, а хутчэй кірунак)) Не трэба тудой ездзіць.)) Можна "каня" згубіць)))
Львоў сустрэў нас ззяннем святочных ліхтароў, брукаванкай і коркамі на цэнтральных вуліцах. Як на мой погляд, то светлафораў там яўна бракуе. Але памятаючы, што нахабнасць - другое шчасце, і не забываючыся падзякаваць "аварыйкай" тых, хто прапусціў мяне, мы даволі хутка даехалі да месца свайго начлегу. Пра сам хостэл, дарэчы, казаць асабліва няма чаго. Знаходзіцца на пятым паверсе, ліфта няма, каштуе 120 грывень з чалавека за ноч (у кошт уваходзіць кава альбо чай з круасанам на сняданак). Хостэл як хостэл, карацей.
Кінуўшы валізкі, мы накіраваліся на знаёмства з горадам.
Адлегласць ад хостэла да цэнтра склала роўна 3 прыпынкі на тралейбусе. Квіток каштуе 1,5 грыўні. Гэта поўны. Льготны - роўна палову, 75 капеек.
Першае, што было наведана - рэстаран "
Піўны сад". Утульна, хутка, смачна, з прыемным абслугоўваннем і невысокімі коштамі.
За дэсертам накіраваліся ў кандытэрскую
"Вераніка". Адным словам - смаката))
Трэба адзначыць, што гэтая вандроўка набыла нейкі кулінарны ўхіл. Бо на наступны дзень былі наведаны як кананічная "Пузата хата", так і зусім непрыметнае звонку, бо знаходзіцца ў цудоўным львоўскім двары, але незвычайнае па смаку ежы бістро
"Зорбас".
Сам Львоў пакінуў уражанне старога і старэючага горада. Безумоўна, гэта горад з гісторыяй і душой. Гэта яго старасць. Але на будынках ляжыць пячатка недагледжаннасці і нават заняпаду. Шмат катроыя з іх патрабуюць ужо нават не касметычнага рамонту, а канкрэтнай такой рэстаўрацыі. Шмат дзе на сценах бачна гэта д'ябальская прыкмета нашага часу - незразумелыя размалёўкі маркерамі альбо фарбай з балончыкаў (пазабіваў бы тых, хто гэта робіць). Гэта старэнне горада. І яно пакідае цяжкае ўражанне.
Без мапы і ўмення карыстацца ёю альбо без навігатара арыентавацца ў горадзе даволі цяжка. На прыпынках няма мапаў, як напрыклад у Амстэрдаме, дзе згубіўшыся трэба шукаць прыпынак трамваю, на якім заўсёды ёсць мапа з пазначкаю твайго месцазнаходжання. Падобная невялічкая мапа у Львове была знойдзена на плошчы Рынак падчас вячэрняга навагодняга шпацыру.
Вярталіся ў хостэл мы пешшу. Грамадскі транспарт у Львове пасля 22-й не працуе. А пераплочваць за таксі жадання не было.
Наступным днем быў наведаны
аквапарк.
Тут нам, я лічу, пашанцавала. 31-е снежня быў працоўны дзень, таму наведвальнікаў было няшмат. Горкі ўразілі сваёй даўжынёй (некаторыя пад 160 метраў). Гэта не дзіва, бо вышыня іх - каля 20-ці метраў. Калі хто вырашыць наведаць гэты аквапарк, асабліва раю пачаць з памаранчавай горкі))) Потым мне распавядзеце пра свае пачуцці)))
Увогуле, львоўскі аквапарк па інтэр'еры прайграе кіеўскаму, але як бык авечку крые, напрыклад наш
"Озерный".
Як на мой розум, то вось такіх цэнтраў нам бракуе ў Беларусі. Канькі ёсць далека не ў кожнага, у адрозненні ад плавак))
Пасля аквапарку быу шпацыр па крамах і, як вышэй прыгадана, месцах, дзе ёсць ежа))
Крыху адпачыўшы ў хостэле перад вечаровым выхадам у горад, мы даехалі амаль да яго цэнтра - плошчы Рынак. Менавіта тут мы і сустрэлі Новы год.
Дарэчы, ня гледзячы на тое, што амаль ці не на кожным кроку можна было пачаставацца глінтвейнам альбо медавухай, закусіўшы сасіскай, кілбаскай пальцам пханай альбо нават крывяначкай ды іншымі прысмакамі, п'яных не было відаць. А калі надыйшоў Новы год, то людзі спакойна і вольна адкрывалі на вуліцах шампанскае і пілі яго, віншуючы адзін аднаго. А потым, усе бутэлькі былі састаўленыя каля сметніц, і бруду на вуліцах практычна не было. Чысціня ў Львове, дарэчы, не горшая, я б сказаў, за мінскую, але, дзіва дзіўнае, нідзе я не бачыў прыбіральшчыкаў столькі як у нас.
Атмасфера у горадзе падчас святкавання была сапраўды святочнай. Адчувалася, што людзі ў добрым настроі вольна выйшлі святкаваць. І святкавалі сколькі каму хацелася. Міліцыя, пажарныя і хуткая таксама прысутнічалі, але ў вочы не кідаліся, у адрозненні ад нашых ахоўнікаў парадку.
На суседніх вуліцах стаялі сцэна, дзе проста спявалі прыгожыя артыстачкі, і сцэна, з якой гучалі палітычныя прамовы. Так, у Львове ёсць свой Майдан. Людзей было багата і там і там. І ніхто нікому не замінаў. У мяне падчас гэтага шпацыру узнікла даўно забытае пачуццё свята не па раскладзе. Гэта калі святкаванне пачынаецца а 19-й гадзіне, напрыклад, а калі яно скончыцца - нікому добра не вядома. Пакуль людзі будуць, датуль і свята будзе. А ў нас жа як. Усе па раскладзе з гарвыканкому. Канцэрт 18.00-22.00, салют 22.00-22.15, а далей - усе спаць. Бо так міліцыі зручна. Нібыта свята - для міліцыі а не для людзей.
Адзінай непрыемнасцю, якая здарылася з намі падчас шпацыру па навагоднім Львове, было тое, што паблізу ад нас разарвалася петарда. Я з малым крыху напалохаліся, а нейкі асколак ад яе трапіў у лоб майму швагру, які з намі ездзіў. Але скончылася ўсе толькі чарвонай плямкай на скуры.
Вось амаль і ўсё.
Надыхаўшыся свежвм львоўскім навагоднім паветрам, пачаставаўшыся медавухай з кілбаскамі і ўзяўшы з сабою 3 піцы і напояў, мы вярнуліся ў хостэл, дзе затачылі гэтую смакату пад піва і шампанскае. А нараніцу паехалі дадому. У Луцку, дарэчы, у "Сільпо" бачыў малако у трохвугольных пакетах па паўлітра))) Такое яшчэ ёсць, аказваецца))
На украінскіх запраўках людзі спаборнічалі з намі ў ветлівасці, віншуючы з надыйшоўшым новым годам і зычачы хто здароў'я, хто грошай, хто шчасця, а часцей за ўсё і таго і другога і трэцяга. А ў адным з кафэ на шляху М1, недзе за 120 кіламетраў да Мінску, сустрэліся з кампаніяй п'яных людзей , што ўголас мацюкаліся не саромеючыся нікога.
Вось такое ў нас было падарожжа.